АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ

(АМС),

комплекс абсталявання для аўтам. правядзення метэаралагічных назіранняў, апрацоўкі і перадачы даных. Асн. паказчыкі (т-ра і вільготнасць паветра, напрамак і скорасць ветру, атм. ціск, ападкі і інш.) рэгіструюцца з дапамогай датчыкаў. Адрозніваюць аўтаномныя і АМС з абслуговым персаналам. Аўтаномныя размяшчаюць у цяжкадаступных раёнах сушы, на буях у моры, дрэйфуючых ільдзінах. Атрыманая інфармацыя кадзіруецца і перадаецца па радыё. Другі тып АМС выкарыстоўваюць на звычайных метэаралагічных станцыях, дзе даныя апрацоўваюць на ЭВМ і перадаюць ў Гідраметэацэнтр. На Беларусі такая АМС працуе ў міжнар. аэрапорце «Мінск-2».

В.М.Жукоўскі.

т. 2, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)